11 студзеня - Дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў
Штогод 11 студзеня адзначаецца Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў, які заснаваны ў 1997 годзе па ініцыятыве Цэнтра аховы дзікай прыроды (Расія) і Сусветнага фонду дзікай прыроды.
Запаведнікі і нацыянальныя паркі з'яўляюцца асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі, што дае магчымасць зберагчы ад гібелі частку дзікай прыроды і жывёльнага свету.
Запаведнікі ствараліся ў якасці эталонаў прыроды на ландшафтна-геаграфічнай аснове. Галоўным іх прынцыпам прызнаваўся прынцып неўмяшання людзей у прыроду. Нацыянальныя паркі, іншая катэгорыя асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, упершыню з'явіліся ў ЗША ў канцы XIX стагоддзі. На тэрыторыі Савецкага Саюза яны атрымалі распаўсюджванне толькі ў другой палове ХХ ст.
11 студзеня быў абраны Днём запаведнікаў і нацыянальных паркаў у азнаменаванне гадавіны ўтварэння першага дзяржаўнага запаведніка Расіі - Баргузінскага. Ён быў створаны на Байкале з мэтай захавання баргузінскага собаля і іншых жывёл.
У Беларусі першы запаведнік, Бярэзінскі, быў створаны ў 1925 г. для захавання баброў, якія апынуліся на мяжы знікнення і іншых відаў жывёл. Першым нацыянальным паркам Беларусі стала ў 1991 г. Белавежская пушча шляхам рэарганізацыі аднайменнай запаведна-паляўнічай гаспадаркі.
Цяпер у Беларусі працуюць Бярэзінскі біясферны запаведнікі і 4 нацыянальныя паркі: Белавежская пушча, Прыпяцкі, Браслаўскія азёры, Нарачанскі. Іх плошча складае 2,3% плошчы Беларусі. Плошча запаведных участкаў, на якіх поўнасцю забаронена гаспадарчая дзейнасць, у цяперашні час каля 1% тэрыторыі нашай рэспублікі.
Таксама на тэрыторыі Беларусі ёсць Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, арганізаваны 18 ліпеня 1988 года ў беларускай частцы зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС.