Рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў

Рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў адбудзецца ў перыяд з 20 па 24 чэрвеня 2023 года на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Арганізатары рэспубліканскага злёту: Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскі злёт праводзіцца з мэтай дэманстрацыі краязнаўчых дасягненняў навучэнцаў, актыўнага ўключэння іх у культурна-пазнавальную дзейнасць.

У рэспубліканскім злёце прымуць удзел юныя краязнаўцы з усіх рэгіёнаў краіны і горада Мінска ‑ актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі «Я гэты край Радзімаю заву», пераможцы і прызёры краязнаўчых конкурсаў, актывісты краязнаўчага руху (35 навучэнцаў).

У рамках праграмы рэспубліканскага злёту яго ўдзельнікі будуць абараняць свае краязнаўчыя работы па даследаванні малой радзімы, прэзентаваць турыстычныя рэсурсы і аб’екты свайго краю, сцэнічна (тэатралізавана) прадстаўляць знакавыя гістарычныя або культурныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі іх малой радзімы, мерацца ведамі гістарычных, культурных і прыродных асаблівасцяў краіны ў рамках квэст-гульні.

Адукацыйна-экскурсійная праграма дазволіць удзельнікам рэспубліканскага злёту наведаць мемарыяльны комплекс «Трасцянец» і ўскласці кветкі ахвярам фашызму, пазнаёміцца з музеем старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, быць відавочцамі адкрыцця выставы музеяў устаноў адукацыі ваенна-гістарычнага профілю ў філіяле музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры «Гасцёўня Уладзіслава Галубка» Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Праграма рэспубліканскага злёту юных краязнаўцаў

Спадабаўся артыкул?

Падзяліцеся: