V Рэспубліканскія Беларускія Калядныя чытанні

V РЭСПУБЛІКАНСКІЯ КАЛЯДНЫЯ ЧЫТАННІ «ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА: СПАДЧЫНА І НАШЧАДКІ».

 Мінск 28-30 лістапада 2019 года

 28 лістапада 2019 года плённа працавала Секцыя «Гісторыка-культурныя праваслаўныя каштоўнасці ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі» V рэспубліканскіх Беларускіх Калядных чытанняў «Вялікая перамога: спадчына і нашчадкі» (далей – Чытанні), арганізатарам правядзення якой стаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Вялікая Айчынная вайна закранула амаль кожную сям’ю ў Беларусі, таму захаванне памяці аб гэтай вайне, яе героях ‑ справа гонару для кожнага грамадзяніна нашай краіны.

2019 год праходзіць пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а надыходзячы 2020 год будзе адзначаны 75-ай гадавінай Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтай значнай падзеі прысвечаны V рэспубліканскія Калядныя чытанні.

Падчас работы Секцыі яе ўдзельнікі, святары, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, супрацоўнікі раённых аддзелаў (упраўленняў) адукацыі Мінскай вобласці, усяго каля 80 чалавек, заслухалі 19 выступленняў па пытаннях далучэння моладзі да гістрыка-культурных праваслаўных каштоўнасцей малой радзімы, абмяняліся вопытам работы ў накірунку праваслаўнага краязнаўства.

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін — старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, старшыня аргкамітэта Беларускіх Калядных чытанняў, адкрыў работу Секцыі і ў сваім выступленні (на беларускай мове) закцэнтаваў увагу прысутных на гістарычнай значнасці ўсенароднага подзвігу, здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны і важнасці далучэння моладзі да захавання памяці аб гераічных подзвігах нашага народа.

Напрыканцы свайго выступлення Уладыка Веніамін уручыў граматы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы за вялікую працу на ніве духоўнай асветы Нікіцінай Людміле Канстанцінаўне, кіраўніку народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» ДУА «Заронаўскі дзіцячы сад Віцебскага раёна», Леўкавец Марыі Мікалаеўне, кіраўніку народнага музея ДУА «Міханавіцкая сярэдняя школа» Мінскага раёна, Дубінецкай Зінаідзе Дзмітрыеўне, педагогу ДУА «Плешчыцкая сярэдняя школа» Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Пахвалёнай Аліне Казіміраўне, кіраўніку народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Гімназія № 25 г. Мінска, Вяцкаму Уладзіміру Сяргеевічу, кіраўніку Мінскага абласнога рэсурснага цэнра па духоўна-маральнаму выхаванню, намесніку дырэктара ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс яслі сад сярэдняя школа № 24 г. Барысава», Кравец Аляксандры Яўгеньеўне, загадчыку аддзела краязнаўства УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства».

Пратадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі i Мінскай духоўнай семінарыі, падрабязна паведаў аб дзейнасці Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, аб цяжкасцях і выпрабаваннях, якія разам са сваёй паствай пераадольвала Царква.

Кравец Аляксандра Яўгеньеўна, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, у сваім выступленні акрэсліла розныя накірункі дзейнасці ўстаноў адукацыі краіны ў рамках праваслаўнага краязнаўства: дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю; правядзенне рэспубліканскіх і рэгіянальных акцый, праектаў, конкурсаў; пошукавая дзейнасць, якая накіравана на даследаванне і вывучэнне асобных старонак рэгіянальнай гісторыі і культуры; правядзенне экспедыцый, экскурсій, паходаў, краязнаўчых летнікаў і злётаў і г.д.; арганізацыя мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў.

Падліпская Зоя Іванаўна, дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Беларускай Праваслаўнай Царквы, які нядаўна пачаў сваю працу, запрасіла педагогаў, удзельнікаў Чытанняў да цеснага супрацоўніцтва і скіравала ўвагу на асноўных напрамках работы Цэнтра.

Кавалевіч Аляксандр Мікалаевіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Воўчынская сярэдняя школа Камянецкага раёна» пазнаёміў удзельнікаў Секцыі з праектам «Страчаныя храмы Камянетчыны», у рамках якога было праведзена даследаванне гісторыі храмаў раёна, устаноўлены абставіны знішчэння праваслаўных цэркваў у ХХ стагоддзі. Сабраны звесткі аб кожнай з разбураных цэркваў, складзены рэестр. Створаны канал на сэрвісе youtube, дзе размешчаны фільмы аб разбураных святынях. Даследчая праца ў рамках праваслаўнага краязнаўства знайшла працяг у праекце аб прыдарожных крыжах Камянецкага раёна. Даследаваны прыдарожныя крыжы Камянецкага раёна і створана інтэрактыўная карта, якая дазваляе дэманстраваць даследчы відэаматэрыял.

Дапоўніла выступленне Кавалевіча А.М. адносна прыдарожных крыжоў Скарына Галіна Васільеўна, настаўніца гімназіі г. Белаазёрска Бярозаўскага раёна Брэсцкая вобласці, якая пазнаёміла прысутных з іх разнастайнасцю і прызначэннем. На аснове сабранага матэрыялу разам з навучэнцамі яна распрацавала экскурсію «Прыдарожныя крыжы як сведкі лёсу народа», вусны часопіс «Маўклівыя сведкі гісторыі», якія выкарыстоўваюць настаўнікі горада і раёна для правядзення пазакласных заняткаў. Яшчэ Галіна Васільеўна прадставіла маршрут па храмах раёна «Дарога да храма», якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Разам з вучнямі нашай установы адукацыі мы праводзілі даследаванне гісторыі храмаў на тэрыторыі нашага малой радзімы», ‑ адзначыла ў сваім выступленні Козел Таццяна Мікалаеўна, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Лапацінская сярэдняя школа Пінскага раёна», ‑ «Нам удалося даведацца шмат цікавага з жыцця настаяцеляў гэтых храмаў, прасачыць іх жыццёвы шлях. Кожны храм нясе свой лёс, свой непаўторны характар. Намі было вывучана дзевяць храмаў. Па выніках працы распрацаваны турыстычны маршрут «Маршрутамі святынь малой радзімы», зроблены макеты храмаў Святога Прарока Божага Іллі ў вёсцы Вуйвічы, і макет храма, які быў згублены ў вёсцы Кудрычы».

Тэма стварэння турысцка-экскурсійных маршрутаў па духоўных аб’ектах малой радзімы была асабліва актуальна на Секцыі.

«З настаяцелем праваслаўнага храма айцом Дзмітрыем», ‑ адзначыла ў сваім выступленні Леўкавец Марыя Мікалаеўна, кіраўнік народнага музея ДУА «Міханавіцкая сярэдняя школа» Мінскага раёна, ‑ «ладзяцца  экскурсіі да месцаў, дзе праходзілі баі ваеннай пары, праводзім самыя розныя мерапрыемствы. Сумесная экспедыцыя з айцом Дзмітрыем па вызначэнні месцаў храмаў, якія дзейнічалі ў наваколлі Міханавіч у ХІХ-пач. ХХ стагоддзяў, натхнілі на распрацоўку экскурсійнага маршрута «Гісторыя, якая расказана храмам». Экскурсійны маршрут знаёміць з праваслаўнымі храмамі Мінскага раёна, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Крыніцамі экскурсійнага матэрыяла сталі рэсурсы праваслаўных сайтаў, краязнаўчыя работы навучэнцаў Мінскага раёна. Трэба сказаць, што ў апошні час многа даследчых работ навучэнцаў прысвечана гісторыі Праваслаўя Мінскага раёна, у якіх адлюстравана гісторыя храмаў з кранальнымі звесткамі пра жыццёвы лёс і служэнне свяшчэннікаў, у тым ліку і ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Жыццё і дейнасць святароў розных перыядаў Вялікай Айчыннай вайны, іх чалавечы і грамадзянскі подзвіг быў прадстаўлены у ходзе работы Секцыі Залескім Іосіфам Іосіфавічам, настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Ліцэй г. Ліды». Іосіф Іосіфавіч расказаў аб пастыры Усціновічы Мікалаі Канстанцінавічы, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны годна нёс пастырскае служэнне на Лідчыне, дапамагаў партызанам, ратаваў землякоў ад фашысцкай пагрозы, быў рэпрэсіраваны пасля вайны, реабілітаваны, і затым нёс службу Богу да канца сваіх дзён.

Анюхоўская Кацярына Аляксандраўна, студэнтка I курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паведала аб Стэфане Кучынскім: «Падчас Вялікай Айчыннай вайны Стэфан Кучынскі не толькі хрысціў у праваслаўную веру, але і дапамагаў перапраўляць яўрэяў у глухія вёскі, дзе яны хаваліся ад фашыстаў або сыходзілі ў партызаны, і так захавалі свае жыцці. Адзін з выратаваных, Барыс Грышановіч напісаў хадайніцтва аб прысваенні звання «праведнік народаў свету» С. Кучынскаму, а мы сабралі і накіравалі ў аддзел праведнікаў мемарыяльнага інстытута Катастрофы і гераізму Еўрапейскага габрэйства «Яд Вашэм» (Ізраіль) дакументы для прысваення гэтага звання протаіерэю С. Кучынскаму. У 2017 г. ганаровае званне «Праведнік народаў свету» прысвоена протаіерэю С. Кучынскаму (пасмяротна). Ён стаў другім праваслаўным святаром у Беларусі, якому прысвоена гэтае званне».

Кіраўніком краязнаўчых работ Анюхоўскай Кацярыны з’яўляецца  Цыганок Неаніла Львоўна, настаўнік-метадыст, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства ДУА «СШ № 2 г. Асіповічы». На Секцыі яна дапоўніла выступленне Кацярыны і пакрокава прадставіла шляхі даследавання ў рамках дадзенай тэмы.

Жыццё святароў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, іх маральны і грамадзянскі подзвіг важная тэма даследаванняў у рамках праваслаўнага краязнаўства.

Нікіціна Людміл Канстанцінаўна, кіраўнік народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» ДУА «Заронаўскі дзіцячы сад Віцебскага раёна» добра ведае гісторыю свайго краю і гэтыя веды імкнецца перадаць навучэнцам і мясцовым жыхарам. «Ведаючы гісторыю свайго краю, з’явілася жаданне вярнуць культурныя традыцыі і святы, што бытавалі на нашых землях. Вось мы (педагогі, работнікі культуры і мясцовы сельсавет) сталі праводзіць свята вёскі Заронава (першы ўспамін пра Заронава датуецца 1533 годам). Такія святы вяртаюць нашу памяць у даўнія часы. Моладзь засвойвае культурныя  традыцыі. …Вадохрышча вярнулася ў Заронава. Як успомнілі мясцовыя людзі, што заўсёды ў гэты дзень на возеры маліліся і асвячалі ваду. Зараз прыязджае бацюшка, збіраецца не толькі наша вёска, а і з навакольных прыходзяць. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Сёння мы запрашаем святароў яшчэ і на Вербную нядзелю, Вялікдзень і Раданіцу. У сваіх пропаведзях бацюшка настаўляе людзей, навошта мы ўсё гэта робім. Радасна, што моладзь з задавальненнем удзельнічае ў такіх святах».

Аб выкарыстанні рэгіянальных гісторыка-культурных праваслаўных каштоўнасцей у мэтах фарміравання асноў духоўнай культуры ў падрастаючага пакалення, аб выхаванні любовi да малай радзiмы на праваслаўных культурна-гiстарычных традыцыях паведала Хаванская Надзея Аляксееўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Ульская сярэдняя школа Бешанковіцкага раёна».

Павышэнню прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў, сёння надаецца вялікая ўвага як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальных і раённых узроўнях. На базе ДУА «Гімназія № 25 г.Мінска» праводзяцца традыцыйныя адкрытыя раённыя краязнаўчыя чытанні. Аб гэтым паведала Пахвалёная Аліна Казіміраўна, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі. Працуе секцыя «Хрысціянства і культура», дзе прэзентуюцца навукова–даследчыя работы вучняў у вобласці вывучэння духоўнай культуры і аказанне ўплыву хрысціянства на фарміраванне культурных каштоўнасцей насельніцтва Беларусі ў розныя перыяды гістарычнага развіцця грамадства.

Вяцкі Уладзімір Сяргеевіч, намеснік дырэктара ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс яслі сад сярэдняя школа № 24 г. Барысава» і Радзецкая Ірына Яўгенаўна, настаўнік гісторыі ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Слоніма» прадставілі нетрадыцыйную форму арганізацыі працы ў рамках праваслаўнага краязнаўства з навучэнцамі ‑ правядзенне летнікаў. Уладзімір Сяргеевіч падрабязна расказаў пра арганізацыйныя моманты правядзення летнікаў, а Ірына Яўгенаўна – пра тое, як яна са сваімі выхаванцамі літаральна «трымаюць гісторыю ў руках» калі становяцца ўдзельнікамі Лаўрышаўскай археалагічнай экспедыцыі падчас правядзення турысцка-краязнаўчага лагера «Юны археолаг» (сумесны праект з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).

Вінаградава Наталля Мікалаеўна, кіраўнік музея ДУА «Вымнянскі дзіцячы сад – базавая школа» Віцебскага райна пазнаёміла ўдзельнікаў Секцыі з пошукава-даследчым праектам «Цаною жыцця». Гэты праект па пошуку імён абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў ходзе баёў на тэрыторыі Вымнянскага сельсавета, па ўвекавечанні памяці аб загінуўшых на дадзенай тэрыторыі, па ўстанаўленню сузязей з продкамі загінуўшых воінаў, па далучэнні навучэнцаў да пошукава-даследчай і грамадска-карыснай дзейнасці г.д.

Міхаленка Алена Іосіфаўна, редактар газеты «Воскресение», у сваім выступенні закцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў Секцыі на выхаваўчым патэнцыяле гістарычных матэрыялаў. Неабходна дзяліцца краязнаўчымі даследчымі набыткамі, папулярызаваць дзейнасць праз сродкі масавай інфармацыі. Алена Іосіфаўна запрасіла ўдзельнікаў Чытанняў да супрацоўніцтва з газетай.

Пры падвядзенні вынікаў работы Секцыі было адзначана, што прадстаўленыя апрабаваныя педагогамі розныя формы і метады далучэння навучэнцаў да духоўнай культуры краю, могуць быць выкарыстаны іншымі ўстановамі адукацыі пры рабоце з навучэнцамі. Усе тэмы выступленняў актуальныя і аб’яднаны імкненнем надаць рабоце па фарміраванні духоўнай і маральнай асобы мэтанакіраваны і дынамічны характар, павысіць яе якасць і дзейснасць.

Разам з тым, ёсць разуменне, што ў справе выхавання падрастаючага пакалення рэалізуюцца далёка не ўсе магчымасці выхаваўчага патэнцыялу праваслаўнай традыцыйнай культуры.

Удзельнікі Секцыі адзначылі важнасць і неабходнасць далейшага выкарыстання розных форм і метадаў работы ўстаноў адукацыі па праваслаўнаму краязнаўству ў мэтах духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі і  РЭКАМЕНДАВАЛІ:

актывізаваць дзейнасць устаноў адукацыі ў рамках праваслаўнага краязнаўства праз работу рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральнаму выхаванню, арганізацыю аб’яднанняў па інтарэсах, праектную і музейную дзейнасць, арганізацыю экспедыцый экскурсій, летнікаў праваслаўнага кірунку, навукова-даследчую дзейнасць, папулярызацыйную і прапагандысцкую дзейнасць, выкарыстанне сучасных камунікатыўных інтэрнэт-тэхналогій, а таксама шырэй выкарыстоўваць магчымасці супрацоўніцтва царквы з установамі агульнай, сярэдняй і дадатковай адукацыі ў духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення і папулярызаваць вопыт супрацоўніцтва.

            Напрыканцы мерапрыемства протадыякан Павел Бубноў правёў экскурсію і пазнаёміў удзельнікаў Секцыі з Мінскай духоўнай акадэміяй.

29 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё V рэспубліканскіх Беларускіх Калядных чытанняў, дзе прынялі ўдзел: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч; міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сцяпанавіч Каранік; міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч; епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін — старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, старшыня аргкамітэта Беларускіх Калядных чытанняў; епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Армен Вачыкавіч Гевандзян; Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Васільевіч Сарачан; Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Фёдаравіч Мезенцаў.

У пачатку мерапрыемства было падпісана абноўленае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Пленарнае пасяджэнне Калядных чытанняў адкрылася выступленнем хору «Лёсы». Хор складаецца з людзей, якія з’яўляліся ў дзіцячым узросце вязнямі канцэнтрацыйных лагераў альбо перажылі акупацыю. Зала стоячы вітала спевакоў, дзяцінства якіх апаліла вайна.

На экране дэманстраваліся кадры дакументальнага фільма «За сяброў сваіх», які апавядае аб ролі Рускай Праваслаўнай Царквы і праваслаўнага духавенства ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

Прысутных цёпла віталі кіраўнікі дыпламатычных місій: Пасол Расіі Дзмітрый Мезенцаў, Пасол Арменіі Армэн Гевандзян і Пасол Малдовы Віктар Сарачан.

На сцэне выступілі: інклюзіўны хор «Радасць душы», значную частку ўдзельнікаў якога складаюць невідушчыя і са слабым зрокам дзеці, і народны вакальны ансамбль ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працы і Узброеных Сіл «Памяць сэрца».

Мітрапаліт Павел уручыў царкоўныя ўзнагароды лаўрэатам конкурсаў «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», «За маральны подзвіг настаўніка», а таксама членам і кіраўнікам музычных калектываў «Памяць сэрца», «Лёсы», «Дабравест».

Уладыка Экзарх звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім падкрэсліў вечную гістарычную значнасць усенароднага подзвігу, здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ад імя архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, які не змог прысутнічаць на форуме па стане здароўя, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін агучыў даклад «Праваслаўная Царква і Вялікая Айчынная вайна: духоўныя вытокі Вялікай Перамогі».

З дакладам «Вопыт патрыятычнай дзейнасці Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасць» выступіў Аляксандр Аляксеевіч Паўлоўскі, генерал-лейтэнант, доктар ваенных навук, ваенны эксперт.

Завяршылася пленарнае пасяджэнне Чытанняў выступленнем камернага хору «Дабравест» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

29 і 30 лістапада працавалі іншыя Секцыі Чытанняў.

Понравилась статья?

Поделитесь: