Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў прайшоў у Магілёўскай вобласці

26–27 лістапада 2025 года на Магілёўшчыне адбыўся рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў «Эфектыўныя падыходы ў арганізацыі музейнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі».

Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны цэнтр творчасці.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 60 чалавек — прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, супрацоўнікі музеяў сістэмы Міністэрства культуры, каардынатары музейнай работы і кіраўнікі музеяў устаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Семінар адкрыўся мітынгам і ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да Мемарыяльнага комплекса «Буйніцкае поле». Пленарнае пасяджэнне семінара прайшло ў Музеі Славы Магілёўшчыны, дзе выступілі вядучыя спецыялісты сістэмы адукацыі і культуры ў галіне музейнай дзейнасці, а таксама кіраўнікі музеяў розных рэгіёнаў, якія пазнаёмілі з эфектыўным вопытам выкарыстання музейнага патэнцыялу ўстаноў адукацыі рэгіёна ў выхаванні дзяцей і моладзі.

У рамках праграмы ўдзельнікам рэспубліканскага семінара быў прадстаўлены станоўчы практычны вопыт дзейнасці музеяў: Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча;

народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна»;

комплекснага музея ДУА «Старасельская сярэдняя школа Шклоўскага раёна»;

краязнаўчага музея ДУА «Гімназія г. Шклова»;

гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Чарнаруцкая сярэдняя школа Шклоўскага раёна»;

гістарычнага музея ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Шклова».

Вышэйпералічаныя ўстановы адукацыі прадэманстравалі сучасныя тэндэнцыі, а таксама традыцыйныя формы работы і дасягненні ў арганізацыі музейнай дзейнасці. Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі рэспубліканскага семінара далі высокую адзнаку арганізатарам дадзенага мерапрыемства.

Акрамя таго, удзельнікам семінара была прапанавана культурна-адукацыйная праграма з наведваннем Музея Славы Магілёўшчыны, а таксама значных аб’ектаў Шклоўскага раёна.

Семінар стаў добрай пляцоўкай для абмену вопытам, удасканалення прафесійных кампетэнцый і стымулам для далейшага развіцця музейнай справы ва ўстановах адукацыі краіны.

Праграма семінара 

Выступленні уздельнікаў семінара

Фотаальбом семінара

Спадабаўся артыкул?

Падзяліцеся: